Спачатку бацька адмовіў
— Тое, што будзе ніжэй, пасля маіх каментарыяў, гэта ўстаўка прыватнага ліста ў полацкія магістрацкія кнігі. Выпадак унікальны, а для полацкай дакументальнай спадчыны адзінкавы. Падчас вайны 1654−1667 гадоў значная частка полацкага мяшчанства пакінула горад і перасялілася ў заходнюю частку ВКЛ. «Перасяленцы» аселі, у прыватнасці, у Вільні і Коўні (цяперашні Каўнас). Сярод іх быў Андрэй Казловіч. Ён пасля вайны пражываў у Коўне, — каментуе знаходку Максім Макараў.
Пра яго сына можна сказаць наступнае. Максім Андрэевіч Казловіч (Maxіm Andrzeіewіcz Kozlowіcz) згадваецца як полацкі лаўнік (прысяжны засядацель). У 1670 годзе ён піша ліст да бацькі з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Атрымлівае адказ. Бацька так раз’юшыўся, што нават ужыў ненарматыўную лексіку. Але пасля вырашыў дапамагчы, распавядае навуковец.
Бацька адмовіўся даць сыну грошы, але дазволіў яму прадаць частку сямейнай полацкай нерухомасці і выкарыстаць сродкі на сваю патрэбу. Галава сям'і не перадае натарыяльна засведчаны акт на нерухомасць праз чужога чалавека. Дарогі ў пасляваенны час былі вельмі небяспечнымі. І абяцае аддаць адпаведны дакумент у выпадку асабістай сустрэчы.
— Таму, калі Максім быў вымушаны ў 1676 годзе прадаваць нешта з названай нерухомасці, яму была патрэбна дакументальная падстава — зафіксаванае на паперы права. І ён быў вымушаны размясціць у полацкіх магістрацкіх кнігах такі з’едлівы ў дачыненні да сябе ліст, — працягвае даследчык.
Пра Максіма Казловіча мы раней пісалі ў артыкуле, прысвечаным дзейнасці полацкага магістрата. Тады публікаваўся і роспіс малодшага Казловіча — на сценах Спаскай царквы ў Полацку. Паводле слоў Максіма Макарава, яго цёзка, калі гэта накрэмзаў, магчыма, быў падлеткам. А мо і вучыўся ў езуіцкім калегіуме. Вядома, што Максім Казловіч памёр да 1682 года.
Аўтограф, верагодна, будучага лаўніка Максіма Андрэевіча Казловіча: «Maxіmus Kozlowskі A. D. 1640». Спаская царква ў Полацку, паўднёвая грань паўднёва-ўсходняга слупа. Фота з асабістага архіва Максіма Макарава
( Read more... )
http://news.tut.by/society/489481.html